ЕГІ́ПЕЦКІЯ ПАЎСТА́ННІ 1919, 1921,

нацыянальна-вызв. паўстанні супраць англ. калан. панавання ў Егіпце. Зімой 1918 партыя «Егіпецкая дэлегацыя» (Вафд) сабрала подпісы з патрабаваннямі прадаставіць Егіпту незалежнасць. У адказ 8.3.1919 англічане арыштавалі лідэра партыі С.Заглулу, што стала штуршком да паўстання. 9 сак. ў Каіры прайшла масавая дэманстрацыя пад лозунгамі поўнай нац. незалежнасці, адмены пратэктарату і вываду англ. войск. Кровапралітныя баі адбыліся ў Каіры, Александрыі, Порт-Саідзе і інш. гарадах, паўстанцы вызвалілі значную ч. тэр., стварылі свае органы ўлады. На кароткі час калан. ўлады страцілі кантроль, але кіраўніцтва Вафд не скарыстала момант для арганізацыі нар. мас, і англ. войскі задушылі паўстанне. У снеж. 1921 пасля спробы Англіі навязаць Егіпту нераўнапраўны саюзны дагавор пачаўся новы ўздым вызв. руху. Арышт лідэраў Вафд стаў сігналам да новага паўстання, якое было задушана ў пач. 1922. У лют. 1922 Вялікабрытанія адмовілася ад пратэктарату над Егіптам і фармальна прызнала яго незалежнасць.

У.С.Кошалеў.

т. 6, с. 382

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)